
V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама” падышоў да завяршэння. У апошні вечар сталічнай публіцы была прадстаўлена прэм’ера мінулага сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – нясвіжская арлекінада “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” паводле твораў княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл у пастаноўцы Мікалая Пінігіна.
Арганізацыйны камітэт фестывалю выказвае словы падзякі спонсарам і партнёрам фестывалю за падтрымку, прэсе – за дапамогу ў асвятленні праграмы і падзей, гледачам – за цікаўнасць і прыхільнасць!
Да сустрэчы на “Панараме-VI”!
У сёмы дзень V юбілейнага Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” мінскім гледачам былі прадстаўлены адразу два спектаклі.
Пастаноўку “Прысвячэнне Еве” Эрыка-Эмануэля Шміта паказалі акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава Васілій Ланавой і Яўгеній Князеў.
Літоўскі тэатр Meno Fortas прадставіў на суд публікі спектакль “Ідыёт” паводле рамана Ф. Дастаеўскага ў пастаноўцы Эймунтаса Някрошуса.

Фотаздымкі са спектакля ў фотаальбоме Панарама: “Ідыёт”.
Шосты дзень V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” быў прысвечаны беларуска-польскаму культурнаму супрацоўніцтву. Сталічныя гледачы на ўласныя вочы пабачылі сумесны праект – спектакль “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, над ажыццяўленнем якога працавала беларуская група пастаноўшчыкаў на чале з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, а таксама артысты польскага тэатра “Рампа” з Варшавы. Галоўную ролю станавога прыстава Кручкова як заўсёды бліскуча выканаў народны артыст Беларусі, улюбёнец публікі Віктар Манаеў, а ролю ласага да маладых паненак Куторгі – артыст Мікалай Кучыц, для якога гэты выступ стаўся дэбютам на польскай мове. Варта дадаць, што зала Палаца прафсаюзаў ледзь змагла змясціць усіх ахвочых да прагляду, а сам спектакль неаднаразова перарываўся сапраўдным громам апладысментаў.
У гэты ж дзень мінскім гледачам быў прадстаўлены спектакль “Драй Швэстэрн” па матывах драмы А. Чэхава “Тры сястры” (рэжысёр Аляксей Ляляўскі) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек -лаўрэат Першага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” ў намінаціі “Найлепшая рэжысура”.
У пяты дзень V юбілейнага Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” мінскім гледачам быў прадстаўлены спектакль-трыумфатар Першага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” – драма “Не мой” паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы аднавілі на сцэне адну з малавядомых старонак другой сусветнай вайны – той крывавай і ўсёзнішчальнай навалы, якая скасавала жыцці ці не кожнага трэцяга беларуса, але не здолела зламаць веру людзей у дабрыню і шчырыя пачуцці.

Больш фотаздымкаў са спектакля ў альбоме Панарама: “Не мой”
Чарговая творчая сустрэча адбылася сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. На гэты раз шаноўным госцем стаў Віктар Рыжакоў. Яшчэ ўчора гледачы маглі пабачыць пастаноўку спадара Віктара “Цырульніца” на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў.
“Адразу скажу, што я – чалавек карыслівы і прыйшоў на сустрэчу не проста так, – гэтымі словамі распачаў размову выступоўца. – Я хачу атрымаць ад вас вашыя пытанні, думкі і меркаванні. Так што не хацелася б, каб наша сустрэча перайшла ў мой маналог – давайце спрачацца!”
І спрэчкі сапраўды пачаліся. Рыжакоў дзяліўся з аўдыторыяй сваімі назіраннямі і думкамі, на якія аўдыторыя рэагавала вельмі актыўна. Шчырыя прызнанні рэжысёра – “часта мне хочацца нараўсці на акцёраў”, “я заўсёды быў вельмі прагным чалавекам і ім жа застаюся”, “часта я адчуваю сябе тупым” – выклікалі такія ж шчырыя каментарыі і пытанні студэнтаў і выкладчыкаў.
“Я не люблю тэатр, – такая нечаканая фраза прагучала ў пачатку сустрэчы. – Праца ў ім заўсёды падавалася мне не мужчынскай. І я заўсёды хацеў збегчы ад гэтай прафесіі, ды ніколі не атрымлівалася. Але такія моманты, калі я бачу, як расце ў майстэрстве мой акцёр, калі я бачу зацікаўленыя вочы гледачоў, робяць мяне шчаслівым. І мне зноў хочацца працаваць”.
Спадар Віктар неадначасова звяртаўся да класікаў і іх поглядаў на свет. Асобы Чэхава, Дастаеўскага, Ніцшэ выклікалі такія доўгачаканыя госцем спрэчкі. Уволуге ўсё выступленне рэжысера можна было расхапіць на цытаты: так проста і шчыра атрымлівалася ў яго казаць аб складаных і заблытаных рэчах.
Не абыйшлося і без парадаў пачынаючым рэжысёрам і акцёрам, якія сабраліся ў зале. “Абавязкова слухайце толькі сябе, і нікога болей. І не ніколі не саромейцеся прызнацца, што нечага не ведаеце ці не ўмееце – гэта нармальна, хто ж з нас можа ведаць і ўмець усё? А галоўны сакрэт акцёрскай прафесіі заключаецца ў тым, каб хацець болей, чым баяцца. Баяцца – вельмі карысна. Менавіта праз пераадоленне сваіх страхаў мы адчуваем гонар за сябе і ўпэўненасць ва ўласных сілах”.
Сустрэча, што доўжылася дзве з паловай гадзіны, праляцела імгненна. І, напэўна, каб не самалёт на Маскву, рэжысёр бы не выйшаў з залы яшчэ колькі гадзін.
“Вы абралі жахлівую і цудоўную прафесію адначасова, – скончыў свой выступ Віктар Рыжакоў. – Але не бойцеся гэтага. Дарогу вытрымае той, хто ідзе”.
Трэці дзень V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” прайшоў пад знакам Венгерскай Рэспублікі.
Зранку ў памяшканні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбылася творчая сустрэча з тэатразнаўцам і вядомым тэатральным крытыкам Венгрыі спадарыняй Нінай Кірай, якая за невялікі час здолела прачытаць прысутным уводны курс у гісторыю сучаснага венгерскага тэатра, а таксама прадэманстравала ўрыўкі з найбольш вядомых нацыянальных спектакляў, якія сталі падзеямі на тэатральнай мапе Еўропы.
Увечары гледачы пабачылі пастаноўку венгерскага тэатра імя Міхая Чоканаі з Дэбрэцэна – спектакль “Цырульніца” аўтарства рускага драматурга Сяргея Мядзведзева ў рэжысёрскім бачанні Віктара Рыжакова. Гісторыя, зразумелая кожнаму, хто быў хоць раз закаханы, стварыла спачатку лёгкую атмасферу гумару і самаіроніі, а потым кранула непрадказальным фіналам – такім аказаўся найлепшы спектакль Венгрыі 2010 года.

Фотаздымкі са спектакля можна паглядзець у альбоме Панарама: “Цырульніца”.
Доўгімі авацыямі і шматкотнымі воклічамі “Брава!” скончыўся другі дзень V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”. На сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра мінская публіка горача прымала непаўторны ў сваёй прыгажосці спектакль “Ганна Карэніна” паводле класічнага рамана Льва Талстога ў выкананні артыстаў віленскага тэатра танца Анжалікі Холінай. Пад крыштальную, выразную музыку Альфрэда Шнітке драматычныя акцёры Літвы поруч з прафесійнымі танцорамі балету пад кіраўніцтвам Анжалікі Холінай стварылі незабыўнае відовішча, поўнае лірызму і эмацыйнай напругі.
Па завяршэнні спектакля сваю падзяку артыстам і таленавітаму рэжысёру выказаў ганаровы госць фестывалю – амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Эдмінас Багдонас.

Больш фотаздымкаў са спектакля ў фотаальбоме Панарама: “Ганна Карэніна”.

21 лістапада адбылася творчая сустрэча з акцёрам тэатра і кіно Рэгімантасам Адамайцісам, які напярэдадні бліскуча сыграў ролю доктара Дорна ў спектаклі “Чайка” санкт-пецярбургскага тэатра “Балтыйскі дом”. Артыст шмат жартаваў і гаварыў пра сучаснае тэатральнае мастацтва, здзівіўшы прысутных прызнаннем, што тэатр больш не цікавіць яго: “Не хачу туды ісці, бо ведаю, што мяне будуць дурыць”. Пра сябе ж ён жартоўна-сціпла гаворыць, што акцёрам быў і застаўся дрэнным, толькі кіно і вядомасць з яго штосьці зрабілі.
Рэгімантас Адаймаціс лічыць, што зараз усім кіруе рэжысёр – такія патрабаванні ставіць час. Але тэатр па-ранейшаму застаецца мастацтвам моманту, які ніколі не паўторыцца.
20 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”. У першы вечар гледачам і гасцям фестывалю была прадстаўлена сюррэалістычная інтэрпрэтацыя класічнай п’есы Антона Чэхава “Чайка”, падрыхтаваная вядомым літоўскім рэжысёрам Йонасам Вайткусам разам з артыстамі тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом” з Санкт-Пецярбургу і зоркамі літоўскага тэатральнага мастацтва Юозасам Будрайцісам, Владасам Багдонасам і Рэгімантасам Адамайцісам у вядучых ролях.

За некалькі хвілін да пачатку публіку ў залі прывіталі Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і мастацкі кіраўнік фестывалю Мікалай Пінігін, пажадаўшы прысутным прыемнага прагляду і асалоды ад такога разнастайнага фестывальнага меню.
Усе фотаздымкі са спектакля “Чайка” глядзіце ў раздзеле Фотагалерея
19 лістапада, напярэдадні пачатку фестывалю “Панарама”, адбылася сустрэча с мэтрамі літоўскага тэатра акцёрамі Уладасам Багдонасам і Юозасам Будрайцісам і рэжысёрам Йонасам Вайткусам, якія бяруць удзел у спектаклі “Чайка”, расейска-літоўскім праекце тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом”.
На сустрэчы майстры былі надта шчырыя і шчодрыя на гумар, прычым часам было даволі складана зразумець, калі яны жартавалі, а калі – не. У. Багдонас, узгадваючы свае ролі, падзяліўся, што аднойчы граў чацвёртую нагу верблюда ў спектаклі Эймунтаса Някрошуса. Навогул, ён ставіцца з гумарам да сябе, сваіх поспехаў і няўдач. Ю. Будрайціс шмат казаў пра тое, што тэатра ён увогуле баіцца, і кіно для яго нашмат бліжэй. Сцвярджаў, што менавіта Йонас Вайткус спакусіў яго да сцэны. Вайткус жа ў сваю чаргу шмат апавядаў пра ролю рэжысёра ў тэатры, пра сённяшнія праблемы і магчымасці. Нямала часу прысвяціў разважанням пра форму. Ён упэўнены, што няма ніводнай рэчы без формы, яна для яго – гэта сутнасць, і толькі праз яе выяўляецца змест.
Мы з нецярпеннем чакаем заўтрашні спектакль, а таксама нагадваем, што 21 лістапада адбудзецца сустрэча з яшчэ адным майстрам літоўскай сцэны – Рэгімантасам Адамайцісам. Усе жадаючыя запрашаюцца ў 11:00 у БДУКІ, вул.Рабкораўская, 17, аўдыторыя 125.
16 лістапада ў 11 гадзін раніцы быў дадзены старт пятаму Міжнароднаму фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай яго адкрыццю, была асветлена праграма мерапрыемства і яго значнасць для беларускай культуры.
Па словах начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіла Іванавіча Казловіча, “Панарама” вартая таго, каб завяршыць фестывальную восень Беларусі. У яе рамках будуць паказаны 6 спектакляў замежных тэатраў і 3 беларускія пастаноўкі. Беларусаў чакае некалькі сюрпрызаў: па-першае, спектакль літоўскага тэатра MENO FORTAS “Ідыёт” працягласцю пяць з паловай гадзін. Узнагародай для самых адданых гледачоў будзе цудоўная акцёрская ігра і эстэтычнае ўзбагачэнне.
Па-другое, у пастаноўцы польскага тэатра “Rampa” можна будзе ўбачыць зорку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народнага артыста Беларусі Віктара Манаева. Спектакль зарзумела ідзе на польскай мове. І прыхільнікі тэатра могуць упэўніцца, што Віктар Сяргеевіч бліскуча справіўся з гэтым выклікам.
Адной з цяжкасцей пры арганізацыі фестывалю была адсутнасць уласнай сцэнічнай пляцоўкі. Будынак Купалаўскага тэатра зараз знаходзіцца на рэканструкцыі, таму спектаклі будуць паказвацца на розных арэндаваных пляцоўках.
Тым не менш, чарговы фестываль зноў збярэ аматараў тэатра і акцёрскія трупы розных краін. На думку Мікалая Мікалаевіча Пінігіна, фестываль таму так і названы — “Панарама”, бо дае беларускаму гледачу магчымасць даведацца, што адбываецца ў свеце і якія спектаклі існуюць на еўрапейскіх сцэнах. Застаецца толькі скарыстацца ёю.
Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.







