Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом” (Санкт-Пецярбург)
Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом”
У 2011 годзе Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом” святкуе падвойны юбілей: 75 год ленінградскаму “Ленкому” і 20 год тэатру “Балтыйскі дом”.
Гісторыя пачынаецца ў 1936 годзе. Заснавальнікі тэатра паставілі перад сабой складаную задачу: зрабіць тэатр сучасным, актуальным і цікавым гледачу, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі рускай тэатральнай школы.
З першых дзён свайго існавання “Ленком” стаўся цэнтрам тэатральнага мастацтва горада на Няве.
“Балтыйскі дом” працягнуў традыцыі свайго слыннага папярэдніка і стаў адным з самых прагрэсіўных тэатральных калектываў Санкт-Пецярбурга.
Тут нарадзіўся першы Расійскі штогадовы міжнародны тэатральны фестываль “Балтыйскі дом”.
Тут працуюць вядучыя рэжысёры еўрапейскага тэатра: Э. Някрошус, Й. Вайткус, А. Жолдак, А. Магучы, О. Каршуновас, Л. Персеваль, М. Барталі, Х. Бараноўскі, Г. Яжына, Р. Тумінас, В. Крамер і іншыя.
Тут на сцэну выходзяць зоркі тэатра і кіно: Р. Грамадскі, Т. Пілецкая, В. Якаўлеў, Ю. Стаянаў, І. Скляр, Р. Адамайціс, В. Багдонас і Й. Будрайціс.
Тут нарадзіліся першыя сцэнічныя версіі вядомых літаратурных твораў: П. Санаеў “Пахавайце мяне за плінтусам”, Я.-Л. Вішнеўскі “Самотнасць у сеці”, В. Ерафееў “Масква-Петушкі”.
Тут займелі пецярбургскую прапіску лідары сучаснай драматургіі: браты Прэсняковы, М. Угараў, В. Сігараў, І. Вырыпаеў і іншыя.
Сёння Тэатр-фестываль “Балтыйскі дом” – гэта унікальная творчая структура, падобных да якой няма не толькі ў Санкт-Пецярбургу, але і ў іншых гарадах Расіі.
А.П. Чэхаў
ЧАЙКА
Рэжысёр-пастаноўшчык – Йонас Вайткус (Літва)
Мастак-пастаноўшчык – Йонас Арчыкаўскас (Літва)
Кампазітар – Гедрус Пускунігіс (Літва)
Мастак па святле – Канстанцін Удавічэнка (Расія)
Выканаўчы прадзюсар – Маргарыта Пянціна (Расія)
Прэм’ера – 21 студзеня 2011 года
Спектакль ідзе з адным антрактам
Ролі выконваюць: Наталля Індзейкіна, н.а. Літоўскай Рэспублікі Юозас Будрайціс, н.а. Расіі Раман Грамадскі, з.а. Расіі Рэгіна Лялейкітэ, Уладас Багдонас, н.а. СССР Рэгімантас Адамайціс, Дарыя Міхайлава, Хрысціна Хрыстова і інш.
«Чайка» – галоўная загадка ў творчасці А.П. Чэхава, якую рэжысёры і акцёры спрабуюць разгадаць ужо больш за сто год.
Чаму людзі, якія хочуць кахаць і быць каханымі, становяцца нешчаслівымі? Чаму аўтар назваў сваю п’есу камедыяй, калі смех скрозь слёзы?
Спектаклі ад літоўскага рэжысёра Йонаса Вайткуса, вядомага шматлікім гледачам па гучным спектаклі “Балтыйскага дома” “Майстар і Маргарыта”, – гэта заўсёды востры незвычайны погляд на рускую класіку, пошук кропак сутыкнення з сучаснасцю.
Рэжысёр запрасіў на галоўныя ролі любімых акцёраў многіх пакаленняў, зорак тэатра і кіно – н.а. СССР Рэгімантаса Адамайціса і н.а. Літоўскай ССР Юозаса Будрайціса. Бязмежнае абаянне, інтэлект і талент гэтых акцёраў скарылі шматлікіх жанчын, а мужчыны марылі хоць у нечым быць падобнымі да іхніх кінагерояў. Сваю непаўторную інтанацыю далучае да пастаноўкі Уладас Багдонас, які ўжо знаёмы гледачам па ролях у спектаклях Эймунтаса Някрошуса і які з поспехам іграе ў спектаклях “Балтыйскага дома”.

Выключны акцёрскі ансамбль – н.а. Расіі Раман Грамадскі, з.а. Расіі Рэгіна Лялейкітэ, Наталля Індзейкіна, Леанід Алімаў, Анатоль Дубанаў, Антон Багроў, Віталь Грыгор’еў, Дарыя Міхайлава – абяцае фейерверк чароўных адкрыццяў. Акцёры зацягваюць гледача ў вір вядзьмарскага возера, у глыбіні чалавечых жарсцяў і хаценняў.
Сюжэт п’есы вядомы кожнаму, хто любіць тэатр. І кожны глядач – аматары меладрамы, гісторыкі, псіхолагі – можа знайсці ў ёй пытанні і праблемы чалавечага жыцця, якія хвалююць яго больш за ўсё.
Чэхаўскія героі нагадваюць нам нас цяперашніх, якія мараць пра шчаслівае жыццё, пра каханне і разуменне блізкімі.
Пошукі разгадкі працягваюцца…
Пастановачная група спектакля “Чайка”
Рэжысёр-пастаноўшчык – Йонас Вайткус (Літва)
Скончыў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную акадэмію тэатральнага мастацтва (на той час – Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі), пазней вучыўся на двухгадзічных курсах Дзяржаўнага камітэта па кінематаграфіі ў Маскве.
Йонас Вайткус працаваў галоўным рэжысёрам Шаўляйскага драматычнага тэатра, галоўным рэжысёрам Ковенскага дзяржаўнага драматычнага тэатра, рэжысёрам на Літоўскай кінастудыі, мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага літоўскага драматычнага тэатра, выкладаў акцёрскае майстэрства ў Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, Эмерсан каледжы (ЗША), Статэн Тэатры ў Нарвегіі, Хельсінкскай дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школе, Капенгагенскай нацыянальнай тэатральнай школе, Кракаўскай тэатральнай акадэміі. У тэатры-фестывалі “Балтыйскі дом” паставіў спектаклі “Майстар і Маргарыта” паводле рамана М. Булгакава і “Дрозд чорны” па п’есе Д. Харроўэра.
З 2008 года – мастацкі кіраўнік Рускага драматычнага тэатра Літвы. Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Літвы, Дзяржаўнай прэміяй СССР, прызам “Залатое руно” ў Тбілісі, прызам “Св. Хрыстафор” як лепшы рэжысёр года, Залатым крыжам сцэны і Нацыянальнай прэміяй.
Мастак-пастаноўшчык – Йонас Арчыкаўскас (Літва)
Скончыў Віленскую акадэмію мастацтваў. Працаваў у Ковенскім дзяржаўным драматычным тэатры. Быў галоўным мастаком Віленскага Нацыянальнага драматычнага тэатра. На цяперашні час – вольны мастак. Уладальнік звання “Лепшы мастак года” і літоўскіх мастацкіх прэмій “Хрыстафор” і “Фартуна”. Шматгадовы суаўтар Йонаса Вайткуса ў тэатры і кіно. У “Балтыйскім доме” – аўтар сцэнаграфіі да спектакля Й. Вайткуса “Майстар і Маргарыта”. Працаваў у тэатрах Літвы, Аўстрыі, Нарвегіі, ЗША, Швецыі, Японіі. Творчы дыяпазон Арчыкаўскаса ўключае ў сябе сцэнаграфію і тэатральныя касцюмы, плакат, кераміку. Аўтар шэрагу персанальных выставаў.
Кампазітар – Гедрус Пускунгіс (Літва)
Скончыў школу мастацтваў імя М.К. Чурлёніса, дзе кампазіцыі вучыўся ў прафесара Бронюса Кутавічуса. Вучыўся ў Літоўскай музычнай акадэміі ў класе кампазіцыі Вітаўтаса Баркаўскаса. За музыку для драматычных спектакляў і кінафільмаў неаднаразова ўзнагароджваўся літоўскімі і міжнароднымі прызамі.
Мастак па святле – Канстанцін Удавічэнка (Расія)
Па сканчэнні мастацкай школы вучыўся на факультэце аўдыё-візуальнай тэхнікі Санкт-Пецярбургскага універсітэта кіно і тэлебачання. У 2003 годзе быў прыняты на працу ў асвятляльны цэх Тэатра-фестываля “Балтыйскі дом”, а з 2008 года стаў працаваць мастаком па святле. Сярод яго прац – спектаклі “Пунсовыя ветразі”, “Самотнасць у сеці”, “Масква-Петушкі”.
