Акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава
Акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава
Эрык-Эмануэль Шмітт
Прысвячэнне Еве
Пастаноўка – Сяргей Яшын
Рэжысёр – Сяргей Галамазаў
Сцэнаграфія і касцюмы – Ала Кажанкова
Мастак па святле – Уладзімір Амелін
Мастак-грымёр – Вольга Калявіна
Пераклад – Алена Навумава
Музычны кіраўнік – Таццяна Агаева
Сцэнічны рух – Ірына Філіпава
Прэм’ера – 22 красавіка 1999 года
Спектакль ідзе 1 гадзіну 45 хвілін
Эрык Шмітт здолеў ператварыць кранальную, сентыментальную гісторыю ў займальны дэтэктыў, які не раскрывае крывавыя злачынствы, а дапамагае зазірнуць у схованкі душы. Банальная на першы погляд сітуацыя – муж і палюбоўнік высвятляюць адносіны – ператвараецца ў захапляльнае дзейства, дзе галоўнае – раскрыць псіхалагічныя матывы, падрабязна патлумачыць учынкі.
“Прысвячэнне” – гэта фактычна дыялог, і сыграць яго –задача для акцёраў найцяжэйшая: Васілій Ланавой і Яўген Князеў граюць напятую цеціву.
Васілій Ланавой
Народны артыст СССР. Лаўрэат Ленінскай прэміі. Прафесар, загадчык кафедры мастацкага слова Тэатральнай вучэльні імя Б.В. Шчукіна.
Скончыў Тэатральную вучэльню імя Б.В. Шчукіна ў 1957 г., курс Ц.Л. Мансуравай. У тым жа годзе прыняты ў трупу тэатра імя Я. Вахтангава.
Н.Казьміна: “Такое ўражанне, што ў яго атрымлівалася ўсё, за што б ён ні браўся: героі станоўчыя і адмоўныя, персанажы смешныя і гераічныя. Ва ўсіх агульным было адно – яскрава выражаны тэмперамент і характар, якога хапіла б на дваіх”.
В.С. Ланавой адзначаны шматлікімі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, кіна- і тэатральнымі прэміямі.
“За сваю кар’еру я зняўся ў мностве фільмаў: іх больш за шэсцьдзесят. Прыблізна столькі ж роляў сыграна на сцэне Тэатра Вахтангава. Я ніколі не думаў пакінуць сцэну на карысць вялікага экрана, паколькі бачыў: многія артысты, якія так паступалі, неўзабаве гінулі – у творчым сэнсе, вядома. Перакананы: штодзённы тэатральны трэнінг для артыста проста неабходны, тады і ў кадры ён будзе выглядаць больш пераканаўчым. Звярніце ўвагу: лепшыя кіношныя працы былі зроблены менавіта акцёрамі тэатраў.
Калі мне прапаноўвалі канчаткова пакінуць сцэну і цалкам прысвяціць сябе кіно, я казаў: “Не! У мяне ёсць выдатны дом з усёй сваёй побытавай валтузнёй, сваркамі, маленькімі і вялікімі радасцямі. Гэта тэатр. А кінематограф – гэта палюбоўніца, і яна павінна ведаць, што заўсёды будзе заставацца на другім месцы “.
Яўген Князеў
Народны артыст РФ, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ.
Скончыў Шчукінскую вучэльню ў 1982 г., курс Л. Стаўскай. У тым жа годзе прыняты ў трупу тэатра імя Я. Вахтангава.
З 2003 года – рэктар Тэатральнага інстытута імя Б.В. Шчукіна.
Н. Казьміна: “Пасля школы, спрабуючы паступіць у Шчукінскую вучэльню, праваліўся на другім туры. Словы запомніў: “У вас нейкая дзіўная знешнасць”. Знешнасць і сапраўды дзіўная. Часам яна падаецца несучаснай. Пры такой знешняй яркасці (гарачы, амаль цыганісты брунет, буйныя рысы твару) ёсць нейкая замкнёнасць, стоенасць характару. Калючы погляд – і мяккія абрысы вуснаў, разгубленая ўсмешка. Крыху грыму – і Князева лёгка ператварыць з коміка ў трагіка, з трагіка ў коміка. У злыдня, старога, героя-палюбоўніка”.
