Беларускі дзяржаўны тэатр лялек

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек

Тэатр быў створаны ў 1938 годзе ў Гомелі, а ў 1950 годзе пераехаў у Мінск. У 1956 годзе тэатр узначаліў Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі, падчас кіраўніцтва якога адбывалася актыўнае засваенне лялек розных сістэм, пошукі разнастайных сродкаў выразнасці і з’яўленне арыгінальных пастановак як для дзіцячай, гэтак і для дарослай публікі. З 1986 года мастацкім кіраўніком і галоўным рэжысёрам працуе Аляксей Анатольевіч Ляляўскі, які працягвае справу свайго бацькі. Увасобленыя на сцэне тэатра спектаклі паводле Якуба Коласа, Янкі Купалы, Герхарда Гаўптмана, Карла Гоцы, Міхаіла Булгакава, Уільяма Шэкспіра, Антона Чэхава, Вітальда Гамбровіча і М. Салтыкова-Шчадрына імкнуцца ўзбагаціць сродкі тэатра лялек і становяцца яскравымі культурнымі падзеямі.

Афіша тэатра ўражвае сваёй разнастайнасцю: тут знойдуцца творы на любы ўзрост і густ. На сваёй пляцоўцы тэатр ажыццяўляе пастаноўкі як сучаснай, так і праверанай часам драматургіі, надаючы асаблівую ўвагу спектаклям паводле беларускага матэрыялу. Асаблівы інтарэс тэатральнай грамадскасці выклікае ўвасабленне класікі: тэатр лялек надае новыя сэнсавыя адценні добра вядомым творам. Так, за апошні час былі пастаўленыя п’есы А. Чэхава «Вішнёвы сад», «Чайка», «Тры сястры», «Адвечная песня» Я. Купалы, «Вянчанне» В. Гамбровіча, інсцэніраваная «Гісторыя аднаго горада» М. Салтыкова-Шчадрына.

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек актыўна ўдзельнічае ў прэстыжных міжнародных фестывалях у Расіі, Украіне, Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Іране, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Сербіі і Чарнагорыі, Харватыі, Славеніі, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі і інш.


ДРАЙ ШВЭСТЭРН
па матывах драмы А.Чэхава

Драй Швэстэрн

Рэжысёр – Аляксей Ляляўскі
Мастак – Таццяна Нерсісян
Кампазітар – Ягор Забелаў

Прэм’ера – 17 верасня 2010 года
Спектакль ідзе 3 гадзіны 15 хвілін, з адным антрактам.

У ралях: Агеенка Яна, Васько Аляксандр, Ганчар Іна, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Грамовіч Уладзімір, Дзівакоў Юрый, Зяленскі Валерый, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Казакоў Аляксандр, Кот-Кузьма Наталля, Марозава Юлія, Муратаў Цімур, заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым Пражэева Валянціна, Рачкоўскі Дзмітрый, Чыгіркін Марс, Цімохіна Святлана, Янушкевіч Аляксандр.

П’еса А. Чэхава “Тры сястры” была ўвасобленая на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек у верасні 2010 года. На пляцоўцы паўстае яскравы ўзор аўтарскага тэатра, што задае складаныя пытанні і шукае нетрывіяльныя адказы. Рэжысёр Аляксей Леляўскі разам з мастаком Таццянай Нерсісян прадстаўляюць надзвычай асаблівае сцэнічнае відовішча, дзе сплятаюцца сродкі выразнасці лялечнага і драматычнага тэатраў, тым самым ствараючы ўнікальную ў сваім багацці тэатральную мову. Трактоўка мінскімі лялечнікамі знакамітай чэхаўскай драмы адметная сваёй экспрэсіяй, неардынарным тлумачэннем вобразаў і арыгінальным поглядам на знакамітую п’есу, дзякуючы чаму гледачам прадстаўляецца аўтарскі твор пад назвай “Драй швэстэрн”.


Top



Пра фестываль

About Me

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

© Copyright 2011. Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама"