Дзень чацверты

ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА З ВІКТАРАМ РЫЖАКОВЫМ: ДАВАЙЦЕ СПРАЧАЦЦА!

Чарговая творчая сустрэча адбылася сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. На гэты раз шаноўным госцем стаў Віктар Рыжакоў. Яшчэ ўчора гледачы маглі пабачыць пастаноўку спадара Віктара “Цырульніца” на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў.

“Адразу скажу, што я – чалавек карыслівы і прыйшоў на сустрэчу не проста так, – гэтымі словамі распачаў размову выступоўца. – Я хачу атрымаць ад вас вашыя пытанні, думкі і меркаванні. Так што не хацелася б, каб наша сустрэча перайшла ў мой маналог – давайце спрачацца!”

І спрэчкі сапраўды пачаліся. Рыжакоў дзяліўся з аўдыторыяй сваімі назіраннямі і думкамі, на якія аўдыторыя рэагавала вельмі актыўна. Шчырыя прызнанні рэжысёра – “часта мне хочацца нараўсці на акцёраў”, “я заўсёды быў вельмі прагным чалавекам і ім жа застаюся”, “часта я адчуваю сябе тупым” – выклікалі такія ж шчырыя каментарыі і пытанні студэнтаў і выкладчыкаў.

Я не люблю тэатр, – такая нечаканая фраза прагучала ў пачатку сустрэчы. – Праца ў ім заўсёды падавалася мне не мужчынскай. І я заўсёды хацеў збегчы ад гэтай прафесіі, ды ніколі не атрымлівалася. Але такія моманты, калі я бачу, як расце ў майстэрстве мой акцёр, калі я бачу зацікаўленыя вочы гледачоў, робяць мяне шчаслівым. І мне зноў хочацца працаваць”.

Спадар Віктар неадначасова звяртаўся да класікаў і іх поглядаў на свет. Асобы Чэхава, Дастаеўскага, Ніцшэ выклікалі такія доўгачаканыя госцем спрэчкі. Уволуге ўсё выступленне рэжысера можна было расхапіць на цытаты: так проста і шчыра атрымлівалася ў яго казаць аб складаных і заблытаных рэчах.

Не абыйшлося і без парадаў пачынаючым рэжысёрам і акцёрам, якія сабраліся ў зале. “Абавязкова слухайце толькі сябе, і нікога болей. І не ніколі не саромейцеся прызнацца, што нечага не ведаеце ці не ўмееце – гэта нармальна, хто ж з нас можа ведаць і ўмець усё? А галоўны сакрэт акцёрскай прафесіі заключаецца ў тым, каб хацець болей, чым баяцца. Баяцца – вельмі карысна. Менавіта праз пераадоленне сваіх страхаў мы адчуваем гонар за сябе і ўпэўненасць ва ўласных сілах”.

Сустрэча, што доўжылася дзве з паловай гадзіны, праляцела імгненна. І, напэўна, каб не самалёт на Маскву, рэжысёр бы не выйшаў з залы яшчэ колькі гадзін.

“Вы абралі жахлівую і цудоўную прафесію адначасова, – скончыў свой выступ Віктар Рыжакоў. – Але не бойцеся гэтага. Дарогу вытрымае той, хто ідзе”.

Top



Пра фестываль

About Me

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

© Copyright 2011. Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама"