Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адкрыўся 14 верасня 1920 года. Тады гэта быў Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ), аснову трупы якога склалі акцёры Першага беларускага таварыства драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча.

На працягу больш чым дзевяноста год свайго існавання тэатр годна трымаў сцяг беларускай нацыянальнай тэатральнай культуры.

За гэтыя гады ў тэатры працавалі выбітныя дзеячы айчынага тэатра: Фларыян Ждановіч, Глеб Глебаў, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Еўсцігней Міровіч, Канстанцін Саннікаў, Уладзімір Уладамірскі, Стэфанія Станюта, Здзіслаў Стома, Галіна Макарава, Павел Кармунін, Зінаіда Браварская, Мікалай Яроменка, Лілія Давідовіч, Віктар Тарасаў, Валянцін Белахвосцік, Аскар Марыкс і шмат іншых, чые імёны зараз гучаць як легенды.

Усеагульнай славе тэатра спрыяюць майстэрства і талент выдатных акцёраў Генадзя Гарбука, Генадзя Аўсяннікава, Марыі Захарэвіч, Аўгуста Мілаванава, Галіны Талкачовай, Віктара Манаева і шмат іншых.

Купалаўскі з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Беларусі на міжнароднай арэне. За апошнія гады ён стаў лаўрэатам і пераможцам шэрагу Міжнародных тэатральных фестываляў, з вялікім поспехам гастраляваў у Польшчы, Эстоніі, Украіне, Расіі, Фінляндыі, Азербайджане, Францыі, Іспаніі, Літве.

Мастацкім кіраўніком тэатра з’яўляецца выбітны беларускі рэжысёр Мікалай Пінігін.


А. Адамовіч

НЕ МОЙ

Не мой

Рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў
Мастак-сцэнограф – Барыс Герлаван
Мастак па касцюмах – Алена Ігруша
Кампазітар – Алег Хадоска
Інсцэніроўка – Алена Калюнова і Аляксандр Гарцуеў

Прэм’ера – 29 красавіка 2010 года
Спектакль ідзе 2 гадзіны з адным антрактам

Ролі выконваюць: Раман Падаляка, Святлана Анікей, Тамара Міронава, н.а. СССР Генадзь Аўсяннікаў, з.а. Республікі Беларусь Аляксандр Падабед, н.а. Беларусі Мікалай Кірычэнка, Яўгенія Кульбачная, Уладзімір Рагаўцоў і інш.

Надыходзіць час, які падзяляе людзей на варожыя лагеры. Надыходзіць час, у які шмат што становіцца немагчымым. Надыходзіць час вайны.

Нашы – і немцы. Паміж імі не проста лінія фронту – паміж імі немагчымасць паразумецца, паміж імі смерць і знішчэнні, паміж імі стрэлы, выбухі і полымя спаленых вёсак.

Але кволыя парасткі кахання прабіваюцца нават праз гэтую шчыльна забрукаваную нянавісцю глебу. Беларуская дзяўчына Паліна і нямецкі салдат Франц сустракаюцца бадай ў самых неспрыяльных для іх абставінах і пры гэтым не губляюць тую божую іскру, што дазволіла ім злучыць свае лёсы.

10 кастрычніка 2011 года адбылося падвядзенне вынікаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі, і найбольшую колькасць узнагародаў сабраў спектакль “Не мой” паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева.

Спектакль стаў найлепшым у намінацыях: “Лепшая сучасная беларуская пастаноўка (для сучасных драматургаў і/альбо рэжысёраў, якія стварылі пастаноўку паводле твора сучаснага беларускага аўтара)” (аўтары інсцэніроўкі Аляксандр Гарцуеў і Алена Калюнова), “Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка” (сцэнограф – Барыс Герлаван, мастак па касцюмах – Алена Ігруша), “Лепшае музычнае афармленне” (кампазітар Алег Хадоска) і “Лепшая жаночая роля” (выканаўца ролі Паліны Святлана Анікей). Таксама спектакль “Не мой” быў прызнаны найлепшай беларускай пастаноўкай.


Гарцуеў Аляксандр Фёдаравіч

Пасля заканчэння ў 1980 г. акцёрскага аддзялення БДТМІ Аляксандр Гарцуеў прыйшоў працаваць у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. З першых жа роляў выявілася здольнасць акцёра да пераўвасаблення, мастацкага асэнсавання вобраза, жаданне працаваць над розным драматургічным матэрыялам.
В 1994 годзе Аляксандр Гарцуеў упершыню паспрабаваў сябе ў рэжысуры і паставіў спектакль “Чорны квадрат” на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У 1996 годзе на Малай сцэне Купалаўскага тэатра быў пастаўлены спектакль “Крывавая Мэры” па п”есе Дз. Бойкі, які быў высока адзначаны тэатральнай крытыкай і за які аўтар спектакля атрымаў вышэйшую ўзнагароду БСТД — прыз “Крыштальная Кветка” за дэбют у рэжысуры.
За спектакль “Брат мой, Сіман…” па п’есе А.Казанцава А.Гарцуеў атрымаў Дыплом за лепшую рэжысуру на Міжнародным фестывалі “На Волзе” (Тальяці, 2001).
У 2000 годзе Аляксандр Гарцуеў заканчвае рэжысёрскае аддзяленне Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва і стажыроўку пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра Леаніда Хейфеца. З 2000 года А.Гарцуеў працуе рэжысёрам Купалаўскага тэатра, дзе стварыў яшчэ шэраг такіх адметных пастановак, як “КІМ” А.Дударава, “Дзіўная місіс Сэвідж” Дж.Патрыка, “Івона, прынцэса Бургундская” В.Гамбровіча, “Маэстра” М.Ладо.


Ф.У. Радзівіл

ВЫКРАДАННЕ ЕЎРОПЫ, АЛЬБО ТЭАТР УРШУЛІ РАДЗІВІЛ

Тэатр Уршулі Радзівіл

Рэжысёр – Мікалай Пінігін
Сценічная адаптацыя – Сяргей Кавалёў
Кампазітар – Андрэй Зубрыч
Мастак-пастаноўшчык – Вольга Мацкевіч
Балетмайстар – Наталля Фурман

Прэм’ера – 22 красавіка 2011 года
Спектакль ідзе з адным антрактам

Ролі выконваюць: Аляксандр Казела, Вольга Скварцова-Кавальская, н.а. Беларусі Сяргей Журавель, Кацярына Яворская, з.а. Рэспублікі Беларусь Георгій Маляўскі, Юлія Шпілеўская, Арцём Бародзіч і інш.

Спектакль пастаўлены паводле п’ес княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл, заснавальніцы прафесійнага тэатра на Беларусі.

Па вялікім рахунку прадстаўленне – рэканструкцыя святочнага вечара ў Нясвіжскім замку, дзе гасцей забаўлялі танцамі, спевамі, паказваннем камедый. Усё гэта прысутнічае і ў нашым спектаклі, які складаецца з трох частак – балета “Дасціпнае каханне”, камедыі “Распуснікі ў пастцы” і оперы “Выкраданне Еўропы”.

Гледачу прапануюцца тры гісторыі пра каханне, гісторыі зусім розныя, аб’ядноўвае іх толькі постаць Арлекіна. Узнімаецца заслона і на сцэну выбягае Ён, кемлівы і спрытны служка, забаўны персанаж родам з італьянскай камедыі dell’arte. Упершыню постаць Арлекіна ўзнікла на нясвіжскай сцэне менавіта ў “Дасціпным каханні”, а потым яшчэ неаднойчы з’яўлялася ў камедыях Францішкі Уршулі Радзівіл.

Сюжэт “Дасціпнага кахання” просты, гэта вядомая гісторыя пра пастушкоў, пастушак, злоснага бацьку, які замінае сустрэчам, і перамогу кахання ў фінале.

Другая гісторыя – “Распуснікі ў пастцы” – гэта традыцыйная камедыя dell’arte, якая была надзвычайна папулярная ў часы Францішкі Уршулі Радзівіл.

Апошняя частка – старажытны міф пра Еўропу ў аўтарскай апрацоўцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Гэта была перная опера на сцэне нясвіжскага тэатра. Музыка, на жаль, не дайшла да нашых дзён, і таму ў спектаклі гучыць музычная рэканструкцыя аўтарства сучаснага беларускага кампазітара Андрэя Зубрыча.


Пінігін Мікалай Мікалаевіч

У 1979 годзе скончыў режысёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Працаваў рэжысёрам на беларускім тэлебачанні, артыстам Рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, рэжысёрам Вялікага драматычнага тэатра ім. Г. А. Таўстаногава (Санкт-Пецярбург), стажыраваўся ў якасці рэжысёра ў Маскоўскім Малым тэатры, праходзіў стажыроўку «Courant Fest» у Парыжы па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Францыі, выкладаў на кафедры «Майстэрства акцёра і рэжысуры» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1985 года – рэжысёр Нацянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У 2009 годзе стаў мастацкім кіраўніком тэатра.

Мікалай Пінігін паставіў больш за 50 спектакляў, сярод якіх «Тутэйшыя» Я. Купалы, «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, «ART» Я. Рэза, «Боты на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна, «Таленты і прыхільнікі» А.Н. Астроўскага, «Вячэра з выдуркам» Ф.Вэбера, «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, оперы «Візіт дамы» С. Картэса, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага.

Мікалай Пінігін з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (за спектакль «Тутэйшыя» Я. Купалы, 1992), тэатральнай прэміі БСТД імя Е. Міровіча ў намінацыі «За лепшую рэжысуру» (спектакль «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, 1994, 1999). У 1994 годзе рэжысёр быў прызнаны «Чалавекам года Беларусі» ў намінацыі «Сцэна». Дыпламант міжнародных фестываляў у Кракаве (Польшча), Маскве (Расія), Харкаве (Украіна), Браціславе (Славакія), Таліне (Эстонія), Вільнюсе (Літва).

Top



Пра фестываль

About Me

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

© Copyright 2011. Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама"