Тэатр імя Міхая Чаканаі (Дэбрэцэн)
Csokonai Színház
Тэатр імя Міхая Чаканаі, які не так даўно адсвяткаваў 140 угодкі свайго існавання, знаходзіцца ў горадзе Дэбрэцэне, культурным і інтэлектуальным цэнтры венгерскай пратэстанскай культуры на паўднёвым усходзе Венгрыі. Ужо само геаграфічнае становішча горада дае імпульс да стварэння тут рэгіянальнага форума для дыялога культурных традыцый, тым больш, што ў горадзе вучыцца каля сарака тысяч студэнтаў.
Міхай Віцез Чаканаі (1773-1805) – венгерскі паэт і драматург, у гонар якога названы тэатр (імя нададзена ў 1915 годзе), нарадзіўся і ствараў у Дэбрэцэне. Дзве яго камедыі – “Дарота” і “Удава Караньоне” – у стылі карнавальнай камедыі дэль артэ дасюль знаходзяцца у рэпертуарах тэатраў. Тэатр імя Чаканаі – музычна-драматычны тэатр з драматычнай і опернай трупамі, аркестрам і групай танцораў.
Новае кіраўніцтва тэатра, пачынаючы з сезона 2006/2007 на чале з генеральным дырэктарам Ацілам Віднянскім, у сваёй мастацкай праграме вялікую ўвагу надае пашырэнню міжнародных кантактаў. Рэгулярна перад Калядамі праводзіцца міжнародны фестываль Батлейкі (у якім удзельнічалі не толькі прадстаўнікі суседніх краінаў карпацкага рэгіёна, але і Фінляндыі, Іспаніі), з 2007 года праходзіць фестываль сучаснай драмы, які арганізоўваецца супольна з асацыяцыяй драматургаў і крытыкаў (ДЕСКА), у ім удзельнічаюць таксама венгерскамоўныя тэатры блізкага замежжа.
У 2006 і 2007 годзе з вялікім поспехам прайшоў фестываль, прысвечаны творчасці венгерскага харэографа, кіраўніка Арлеанскага Цэнтра харэаграфіі Йозэфа Надзя. Тэатр з’яўляецца таксама ўдзельнікам міжнароднага опернага фестывалю-конкурса “Армел”, у якім салісты опернай трупы былі адзначаны найвышэйшымі ўзнагародамі.
Драматычная трупа тэатра працуе са шматлікімі запрошанымі замежнымі рэжысёрамі (Валер Наварына, Віктар Рыжакоў, Анджэй Бубень, Улад Троіцкі), што дае магчымасць пазнаёміцца з размаітымі тэхнікамі і метадамі працы з тэкстам. За апошнія гады яна была ўдзельнікам фестываляў у Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Францыі, Украіны, Расіі.
С.А. Мядзведзеў
Цырульніца
Рэжысёр – Віктар Рыжакоў
Сцэнаграфія і касцюмы – Віктар Рыжакоў
Пераклад – Андраш Козма
Прэм’ера – 8 мая 2009 года
Ролі выконваюць: Нэлі Сюч, Жолт Трыл, Ласла Тоўт, Аціла Крыштан.
Цырульня ў адасобленым, але маляўнічым куточку Зямлі, куды людзі прыходзяць пастрыгчыся з асаблівым задавальненнем. Сакрэт у тым, што цырульніца – чароўная асоба: яна літаральна перапоўненая радасцю і весялосцю. Рана ці позна кліенты адкрываюць перад ёй свае сэрцы. Кіроўца, пажарны ды шмат іншых, мараць аб спатканнях з ёй. Але усе іх спробы беспаспяховыя: ёсць іншы ў сэрцы гэтай спрытнай жанчыны. Яна чакае з турмы каханага, якога ніколі дагэтуль не бачыла. Яна закахалася, абменьваючыся з ім лістамі. Прыдумаўшы вобраз чалавека, які верне ёй сэнс жыцця, гэтая жанчына адвярнулася ад тых, хто бачыць яе вартасці і хоча быць з ёй. Яе не хвалююць праўдападобныя і відавочныя рэчы, таму што гэты вобраз проста пераўзыходзіць рэальнасць. У яе жыцці зараз адна мэта: адлік дзён. Яна жыве ў сваёй мары, быццам зачараваная, чакаючы, калі ж яе джын вызваліцца з бутэлькі-турмы.
Але завочныя курсы кахання наўрад ці перанясуць сваіх вучняў на сёмае неба. Бо «салодкім парачкам» неабходныя супольныя прагулкі…
Пасля пастаноўкі “Буры” Астроўскага, Віктар Рыжакоў (рэжысёр і тэатральны педагог, прыкметная персона ў сучасным рускім тэатры, рэжысёр міжнародна ўшанаваны тэатральнага перфомансу “Kislorod” (Кісларод) Івана Вырыпаева) працягвае творчы працэс, які ён пачаў у тэатры Чаканаі з “Цырульніцай”, спектаклем па п’есе маладога рускага драматурга Сяргея Мядзведзева.
Спектакль – прадукт сучаснай рускай драматургіі, даволі папулярнай ў нашы дні. Але не зважаючы на сучасныя асаблівасці, яна сягае каранямі да гогалеўскіх традыцый. Гэта люстэрка, якое адбівае лёсы звычайных людзей, але імкненне да шчасця і адданасць пісьменніка асноўнаму праву чалавека – кахаць і быць каханым – зіхціць праз гратэскавы стыль п’есы.
Боль, ахопленая любоўю і бляскам – вось адна з найвыбітнейшых рысаў Рыжакоўскай тэатральнай мовы. Ён падымае канфлікт паміж чалавечымі жаданнямі і канкрэтнымі фактамі да ўзроўню паэтычных летуценняў, якія могуць натхніць людзей любога ўзросту праявіць спачуванне і перагледзець жыццёвыя каштоўнасці.
На Х Усевенгерскім тэатральным фестывалі (POSZT, 2010) спектакль «Цырульніца» быў прызнаны лепшым спектаклем, а актрыса Нэлі Сюч атрымала прэмію за лепшую жаночую ролю.
Рэжысёр Аціла Віднянскі скончыў Кіеўскі інтыстут імя Карпенка-Карага і ў 1989 заснаваў венгерскі тэатр у пагранічным з Венгрыяй украінскім горадзе Берагава. У 2006 узначаліў Тэатр імя Чаканаі у Дэбрэцэне, значна рэфармаваў яго рэпертуатр і мастацкую палітыку, прыцягваючы акцёраў яго берагоўскай трупы. Пры гэтым Віднянскі па-ранейшаму працуе на два «берагі» – Дэбрэцэнскі і Берагоўскі. А яго берагоўскія акцёры выдатна валодаюць рускай мовай і пастаянна курсіруюць праз украінска-венгерскую мяжу, каб прымаць удзел то ва ўкраінскіх, то ў венгерскіх спектаклях.
Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Віктар Рыжакоў
7 верасня 2011 года Віктар Рыжакоў стаў новым мастацкім кіраўніком Цэнтра Мейерхольда (Масква).
Працаваў у Маскоўсікм тэатры юнага гледача пад кіраўніцтвам настаўнікаў Г.Н. Яноўскай і К.М. Гінкаса. Рэжысёр-пастаноўшчык спектакляў у Расіі і за мяжой – штогадовых удзельнікаў разнастайных міжнародных фестываляў і конкурсаў.
З 2001 года і да нашых дзён – рэжысёр-педагог (прафесар) Школы-студыі ім. У.І. Неміровіча-Данчанкі пры Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры імя А.П. Чэхава. Рэжысёр-пастаноўшчык гэтага тэатра.
Паставіў у тэатры «Майстэрня Пятра Фаменка» спектакль «Пяць вечароў», які стаў вядучым спектаклем тэатральнага сезону ў Маскве ў 2011 годзе.
Лаурэат шматлікіх расійскіх і замежных тэатральных прэмій, у тым ліку: Гран-пры міжднароднага фестывалю «Кантакт» (Торунь, Польшча, 2003); Лепшая рэжысёрская работа – Польскі новы тэатр (2005), лаурэат Нацыянальнай прэміі «Залатая маска» (2004, 2008), неаднаразовы лаурэат гран-пры фестываляў «Новая драма» (2003, 2005, 2007), уладальнік Галоўнай прэміі Усевенгерскага тэатральнага фестывалю у намінацыі «Лепшы спектакль» 2010 г. («Цырульніца»).
