Тэатр ON-LINE 2009
Пра фестываль > Гісторыя > 2009 > Тэатр ON-LINE 2009
Канцэпцыя
On-line-праекта ў рамках Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама”
Ідэя праекта
Садзейнічаць найлепшай адукацыі маладых творцаў у галіне тэатра. Усталяваць шчыльныя стасункі паміж рэжысёрамі і драматургамі, заклаўшы гэтым падмурак тэатральнага мастацтва наступных дзесяцігоддзяў. Выявіць маладых таленавітых творцаў у галіне драматургіі, рэжысуры, акцёрскага майстэрства.
On-line-праект пасадзейнічае папулярызацыі тэатральнага мастацтва сярод моладзі, дазволіць правесці эксперыменты з новымі тэатральнымі формамі. Дзякуючы дадзенай акцыі беларуская тэатральная грамадскасць атрымае рэдкую магчымасць пабачыць найбольш перадавыя тэатральныя сілы, пазнаёміцца з не зусім звыклай, але вельмі прыцягальнай тэатральнай формай, адчуць агульную скіраванасць у пошуках найноўшых тэндэнцый беларускага тэатра.
Задача праекта
- даць магчымасць маладым творцам у галіне тэатра паказаць сваю працу шырокай публіцы і крытыкам;
- абмен вопытам паміж маладымі прадстаўнікамі розных галін тэатральнага мастацтва – драматургіі, рэжысуры, акцёрскага майстэрства;
- усталяванне кантактаў паміж рэжысёрамі і драматургамі, якія могуць перарасці ў магутныя творчыя тандэмы;
- прыцягненне ўвагі да творчасці маладых рэжысёраў і драматургаў, папулярызацыя беларускага тэатральнага мастацтва сярод маладзёжнай аўдыторыі;
- апрабацыя найноўшых тэатральных прыёмаў;
- апрабацыя на публіцы малабюджэтных тэатральных формаў;
Фармат праекта
Сутнасць праекта палягае на стварэнні кароткіх п’ес на зададзеную тэму, якія ў абмежаваны тэрмін павіны быць рэалізаваныя на сцэне. Тэма абвяшчаецца драматургам не пазней, чым за 1 месяц да вызначанай даты паказу. П’есы, створаныя імі, не павінны перавышаць 5 старонак па аб’ёме, а таксама ў іх не можа быць больш за 4 дзейсныя асобы. Не пазней, чым за 2 тыдні да вызначанай даты паказу тэксты даюцца рэжысёрам, якія распачынаюць рэпетыцыі і ў вызначаны тэрмін прадстаўляюць спектакль на публіку. Працягласць спектакля не павінна перавышаць 20 хвілін. У праекце прымаюць удзел да 7 драматургаў і такая ж колькасць рэжысёраў. Тандэм “драматург – рэжысёр” вызначаецца лёсаваннем. Драматургаў і рэжысёраў, якія прымуць удзел у праекце, вызначае дырэкцыя фестывалю.
Дата паказу спектакляў, створаных у рамках оn-line-праекта – 18 кастрычніка 2009 г.
9 верасня адбылася першая сустрэча рэжысёраў і драматургаў, якія будуць удзельнічаць у праекце “On-line”. Драматургі распачалі напісанне п’ес, якія павінны быць аддадзены рэжысёрам не пазней 2 кастрычніка. 3 кастрычніка пачнуцца рэпетыцыі.
У праекце “On-line” будуць удзельнічаць 7 пар драматург-рэжысёр. Гэта:
рэжысёр Аляксандр Марчанка і драматург Дыяна Балыка;
рэжысёр Кацярына Аверкава і драматург Аляксандр Казела;
рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк і драматург Ігар Скрыпка;
рэжысёр Кірыл Захараў і драматург Алена Вайцяхоўская;
рэжысёр Павел Харланчук і драматург Мікалай Рудкоўскі;
рэжысёр Багдан Арлоўскі і драматург Алена Баландзіна;
рэжысёр Кацярына Тарасава і драматург Таццяна Ламонава.
Паводле ўмоваў праекта спектаклі не павінны перавышаць ліміт у 15 хвілін.
Паказ спектакляў адбудзецца 18 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
