Тэатр MENO FORTAS (Вільнюс)

Створаны ў 1998 г. Асноўная дзейнасць – рэалізацыі і прэзентацыя ў Літве і за мяжой спектакляў у пастаноўцы Эймунтаса Някрошуса. Таксама займаецца каардынацыяй і ажыццяўленнем міжнародных тэатральных праектаў, актыўна прыцягвае да працы маладых акцёраў, прымае ўдзел у прафесійных семінарах, майстар-класах, прэс-паказах. Адзін з лепшых тэатраў свету, уладальнік самых прэстыжных тэатральных узнагародаў. Кожная праца MENO FORTAS прыцягвае ўвагу гледачоў і прафесіяналаў з розных краін, нават рабочы працэс (рэпетыцыя, паказ фрагментаў будучага спектакля) часта становіцца цэнтрам спецыяльных праграмаў міжнародных фестываляў.


Ф. Дастаеўскі

ІДЫЁТ

Ідыёт

Рэжысёр – Эймунтас Някрошус
Сцэнограф – Марыюс Някрошус
Мастак па касцюмах – Надзея Гульцяева
Кампазітар – Фаўстас Латэнас
Мастак па святле – Джугас Вакрынас

Прэм’ера – 17 ліпеня 2009 года
Спектакль ідзе 5 гадзін 30 хвілін, з трыма антрактамі.

Ролі выконваюць: Доўмантас Цюніс, Сальвіюс Трэпуліс, Эльжбета Латэнайтэ, Дыяна Ганцэўскайтэ, Маргарыта Жэмялітэ, Мігле Палікевічутэ, Відас Пяткевічус, Вайдас Вілюс, Вітаўтас Румшас, Аўшра Пукелітэ, Вітаўтас Румшас малодшы, Нярынга Булатайтэ, Тоўрас Чыжас

Змрочны літоўскі геній ставіць “Ідыёта” нашага часу. Максімальна набліжанага да аўтарскай задумкі, але вольнага ад пафасу, надрыву і звыклых канфліктаў. Прарвацца праз суплёты Дастаеўскага дапамагае гульня. Князю Мышкіну тут проста няма з кім канфліктаваць. Яго атачаюць такія ж, як і ён, дзіўныя людзі, падобныя на смешных дзівакоў альбо на дзяцей… Карацей, пара прыгадаць евангельскае “будзем як дзеці”.

Прэм’ера спектакля Эймунтаса Някрошуса “Ідыёт” паводле рамана Ф. Дастаеўскага ў 2009 годзе выклікала нечуваны ажыятаж на фестывалі “Балтыйскі дом” у Санкт-Пецярбуру. Магчыма, гэта самы просты і зразумелы спектакль выбітнага майстра рэжысуры. У “Ідыёце” Някрошус распавядае гісторыю кахання. Героі яго вельмі маладыя. Князю Мышкіну, Рагожыну, Настассі Філіпаўне і Аглаі Епанчынай ледзь споўнілася дваццаць год. Нехта кахае сапраўды самааддана, а нехта зусім па-дзіцячаму прыдумляе сваё каханне. Рэжысёр не дазваляе сабе сентыментальнасці і пафасу. Але ён любіць людзей, цудоўна іх разумее і адчувае. Спектакль гатовы апраўдаць усіх грэшнікаў і праведнікаў, калі такія, зрэшты, знойдуцца. У Някрошуса Мышкін – гэта не “цудоўны чалавек”, а нервовы, з паблытанымі пачуццямі хлопчык, які захлынаецца ад лішку ўражанняў, такі ж пакутнік, як і ўсе.

І ўсё ж “Ідыёт” – нешта большае, чым проста спектакль. І, магчыма, гэтае “нешта” дапаможа разабрацца гледачам і ў сабе, і ва ўзаемаадносінах персанажаў, адкрыць таямніцу і Дастаеўскага, і Някрошуса.


Эймунтас Някрошус

Нарадзіўся ў 1952 г. Адукацыя: Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, майстэрня А. Ганчарова (Масква, 1978). Рэжысёр драматычнага і опернага тэатра. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік тэатра MENO FORTAS. Працаваў у Вільні, Коўне, Маскве. Узначальваў міжнародны фестываль LIFE. Лаўрэат прэмій “Новая еўрапейская рэальнасць”, UBU, прэміі Міжнароднага фонда К.С. Станіслаўскага за ўнёсак у міжнароднае тэатральнае мастацтва, Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая Маска” (Расія), Балтыйскай ассамблеі, Міністэрства культуры Літвы, Літоўскай тэатральнай крытыкі. Лаўрэат Міжнароднай прэміі за развіццё і ўмацаванне гуманітарных сувязяў у краінах Балтыйскага рэгіёна “Балтыйская зорка”. Неаднаразова станавіўся ўладальнікам прэмій вядучых еўрапейскіх фестываляў. Кавалер ордэна Гедымінаса ІІІ ступені.

Top



Пра фестываль

About Me

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

© Copyright 2011. Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама"