Навiны

  • Дзень восьмы. Апошні

    V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама” падышоў да завяршэння. У апошні вечар сталічнай публіцы была прадстаўлена прэм’ера мінулага сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы – нясвіжская арлекінада “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” паводле твораў княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл у пастаноўцы Мікалая Пінігіна.

    Арганізацыйны камітэт фестывалю выказвае словы падзякі спонсарам і партнёрам фестывалю за падтрымку, прэсе – за дапамогу ў асвятленні праграмы і падзей, гледачам – за цікаўнасць і прыхільнасць!

    Да сустрэчы на “Панараме-VI”!

  • Дзень сёмы

    У сёмы дзень V юбілейнага Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” мінскім гледачам былі прадстаўлены адразу два спектаклі.

    Пастаноўку “Прысвячэнне Еве” Эрыка-Эмануэля Шміта паказалі акцёры Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Яўгенія Вахтангава Васілій Ланавой і Яўгеній Князеў.

    "Прысвячэнне Еве"

    Літоўскі тэатр Meno Fortas прадставіў на суд публікі спектакль “Ідыёт” паводле рамана Ф. Дастаеўскага ў пастаноўцы Эймунтаса Някрошуса.

    Фотаздымкі са спектакля ў фотаальбоме Панарама: “Ідыёт”.

  • Шосты дзень

    Шосты дзень V Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” быў прысвечаны беларуска-польскаму культурнаму супрацоўніцтву. Сталічныя гледачы на ўласныя вочы пабачылі сумесны праект – спектакль “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, над ажыццяўленнем якога працавала беларуская група пастаноўшчыкаў на чале з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, а таксама артысты польскага тэатра “Рампа” з Варшавы. Галоўную ролю станавога прыстава Кручкова як заўсёды бліскуча выканаў народны артыст Беларусі, улюбёнец публікі Віктар Манаеў, а ролю ласага да маладых паненак Куторгі – артыст Мікалай Кучыц, для якога гэты выступ стаўся дэбютам на польскай мове. Варта дадаць, што зала Палаца прафсаюзаў ледзь змагла змясціць усіх ахвочых да прагляду, а сам спектакль неаднаразова перарываўся сапраўдным громам апладысментаў.

    У гэты ж дзень мінскім гледачам быў прадстаўлены спектакль “Драй Швэстэрн” па матывах драмы А. Чэхава “Тры сястры” (рэжысёр Аляксей Ляляўскі) Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек -лаўрэат Першага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” ў намінаціі “Найлепшая рэжысура”.

    img_8557

    Больш фотаздымкаў са спектакля ў фотагалерэі.

  • Дзень пяты

    У пяты дзень V юбілейнага Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва “Панарама” мінскім гледачам быў прадстаўлены спектакль-трыумфатар Першага Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія” – драма “Не мой” паводле аповесці Алеся Адамовіча “Нямко” ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы аднавілі на сцэне адну з малавядомых старонак другой сусветнай вайны – той крывавай і ўсёзнішчальнай навалы, якая скасавала жыцці ці не кожнага трэцяга беларуса, але не здолела зламаць веру людзей у дабрыню і шчырыя пачуцці.

    Паліна - Святлана Анікей, Кучарыха - Тамара Міронава

    Больш фотаздымкаў са спектакля ў альбоме Панарама: “Не мой”

  • Дзень чацверты

    ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА З ВІКТАРАМ РЫЖАКОВЫМ: ДАВАЙЦЕ СПРАЧАЦЦА!

    Чарговая творчая сустрэча адбылася сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. На гэты раз шаноўным госцем стаў Віктар Рыжакоў. Яшчэ ўчора гледачы маглі пабачыць пастаноўку спадара Віктара “Цырульніца” на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў.

    “Адразу скажу, што я – чалавек карыслівы і прыйшоў на сустрэчу не проста так, – гэтымі словамі распачаў размову выступоўца. – Я хачу атрымаць ад вас вашыя пытанні, думкі і меркаванні. Так што не хацелася б, каб наша сустрэча перайшла ў мой маналог – давайце спрачацца!”

    І спрэчкі сапраўды пачаліся. Рыжакоў дзяліўся з аўдыторыяй сваімі назіраннямі і думкамі, на якія аўдыторыя рэагавала вельмі актыўна. Шчырыя прызнанні рэжысёра – “часта мне хочацца нараўсці на акцёраў”, “я заўсёды быў вельмі прагным чалавекам і ім жа застаюся”, “часта я адчуваю сябе тупым” – выклікалі такія ж шчырыя каментарыі і пытанні студэнтаў і выкладчыкаў.

    Я не люблю тэатр, – такая нечаканая фраза прагучала ў пачатку сустрэчы. – Праца ў ім заўсёды падавалася мне не мужчынскай. І я заўсёды хацеў збегчы ад гэтай прафесіі, ды ніколі не атрымлівалася. Але такія моманты, калі я бачу, як расце ў майстэрстве мой акцёр, калі я бачу зацікаўленыя вочы гледачоў, робяць мяне шчаслівым. І мне зноў хочацца працаваць”.

    Спадар Віктар неадначасова звяртаўся да класікаў і іх поглядаў на свет. Асобы Чэхава, Дастаеўскага, Ніцшэ выклікалі такія доўгачаканыя госцем спрэчкі. Уволуге ўсё выступленне рэжысера можна было расхапіць на цытаты: так проста і шчыра атрымлівалася ў яго казаць аб складаных і заблытаных рэчах.

    Не абыйшлося і без парадаў пачынаючым рэжысёрам і акцёрам, якія сабраліся ў зале. “Абавязкова слухайце толькі сябе, і нікога болей. І не ніколі не саромейцеся прызнацца, што нечага не ведаеце ці не ўмееце – гэта нармальна, хто ж з нас можа ведаць і ўмець усё? А галоўны сакрэт акцёрскай прафесіі заключаецца ў тым, каб хацець болей, чым баяцца. Баяцца – вельмі карысна. Менавіта праз пераадоленне сваіх страхаў мы адчуваем гонар за сябе і ўпэўненасць ва ўласных сілах”.

    Сустрэча, што доўжылася дзве з паловай гадзіны, праляцела імгненна. І, напэўна, каб не самалёт на Маскву, рэжысёр бы не выйшаў з залы яшчэ колькі гадзін.

    “Вы абралі жахлівую і цудоўную прафесію адначасова, – скончыў свой выступ Віктар Рыжакоў. – Але не бойцеся гэтага. Дарогу вытрымае той, хто ідзе”.

Top



Пра фестываль

About Me

Міжнародны тэатральны фестываль «Панарама» заснаваны ў 2004 годзе. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

© Copyright 2011. Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама"